Нядаўна ў TikTok завірусіўся жартоўны відэаролік паляка, які нібыта з’ехаў у Беларусь на заробкі — па зарплату ў тры тысячы еўра. У нядаўнім відэа ён расказаў пра вынікі.
«Я пераехаў у Беларусь на заробкі — сябры ў Польшчы мне сказалі, што тут можна зарабіць ад трох тысяч еўра. Але я, пажыўшы ў Беларусі, першыя высновы зрабіў — што з такімі сябрамі і ворагаў не трэба. Я не зарабіў трох тысяч еўра, але я ўжо іх выдаткаваў», — расказаў Ірэнэуш.
Ён не здаўся і будзе шукаць далей.
@polak_by1 ♬ dźwięk oryginalny — Поляк в Беларуси
У першых каментарах пад ролікам рэагавалі так:
- «Наіўны. У Беларусі можна зарабіць толькі гемарой і кілу».
- «Тэхнічна польскія сябры маюць рацыю. У Беларусі 3000 € зарабляюць дэпутаты, Лукашэнка і хакеісты. Астатняе насельніцтва зарабляе 300 €. Ну начальнікі і праграмісты могуць выйсці на 700 €. І ўсё, гэта максімум».
- «Едзь у Зімбабвэ — там за 5000−7000 €».
- «Jestem z Polski, chce wyjechac z tej Europy, co powiesz? (Я з Польшчы, хачу з’ехаць з гэтай Еўропы, што скажаш?)»
- «Ну, у нас за 3000 беларускіх, калі вы будзеце атрымліваць і жонка будзе атрымліваць заробак, — можна нармальна жыць па нашых беларускіх мерках».
- «Там, дзе можна хутка столькі зарабіць, доўга не працуюць, а потым да 15 гадоў на дзяржзабяспечанні можна пасядзець».
- «Можна, калі ёсць прыдатная грашовая спецыяльнасць — айцішнік, будаўнік, архітэктар, і да таго ж выбітных здольнасцяў…»
Траекторыю трапляння паляка Ірэнэуша ў Беларусь можна прасачыць проста па яго профілі ў TikTok, на які, дарэчы, з лютага падпісаліся амаль 5000 чалавек. Яго ж адзіная падпіска — жонка Крысціна Вайшчук, якая пазіцыянуе сябе як нутрыцыёлага і спявачку Сhekunyaa. Вайшчук удзельнічала ў дзяржаўнай «Фабрыцы блогераў» і жыве ў Брэсце. Замужам за грамадзянінам Польшчы яна з 2016 года — з яе словаў, яны пазнаёміліся, калі ўраджэнка Беларусі з украінскімі каранямі прыехала на «закупы». Пра мужа Ірка яна паведамляла ў 2022 годзе, што ён — польскі мытнік.