Працягваецца ідэнтыфікацыя і прыцягненне да адказнасці ўдзельнікаў вулічных акцый за мяжой. Праведзеныя ператрусы ў рамках крымінальнай справы, паведамілі 21 сакавіка ў Следчым камітэце.
Удзельнікаў замежных акцый, якія прайшлі 26 студзеня, у СК назвалі «экстрэмісцкім актывам». Сілавікі правялі ператрусы па іх «месцах рэгістрацый і на аб’ектах рэальнай уласнасці».
«Высвятляецца маёмасць і нерухомасць, на якія накладаецца арышт для наступнага забяспечання кампенсацыі нанесенай дзяржаве шкоды. У рамках расследавання ўсе ўдзельнікі вулічных дзеянняў за мяжой, а гэта каля 400 чалавек, прызнаныя падазраванымі па крымінальнай справе», — паведамілі ў СК.
Ведамства разам з іншымі органамі працягвае выящляць «памагатых экстрэмісцкіх фарміраванняў і тэрарыстычных арганізацый».
Таксама ў СК прыгразілі адказнасцю ўдзельнікам акцый на блізкі Дзень Волі, які святкуецца 25 сакавіка. Абяцаюць даць «прынцыповую» прававую ацэнку і прааналізаваць «звесткі пра патэнцыйных і фактычных удзельнікаў гэтых мерапрыемстваў, з мэтай ідэнтыфікацыі іх асобаў і далейшага прыцягнення да крымінальнай адказнасці, у тым ліку з выкарыстаннем механізму спецыяльнай вытворчасці».
Нагадаем, 26 студзеня ў еўрапейскіх гарадах і Нью-Ёрку прайшлі акцыі пратэсту супраць чарговай фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. У варшаўскім маршы ўдзельнічала лідарка дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская.
Пасля гэтага ў СК завялі крымінальную справу і пагражалі адказнасцю 365 удзельнікам замежных акцый. Было «прынятае рашэнне пра прыцягненне фігурантаў да крымінальнай адказнасці, у тым ліку ў парадку спецыяльнай вытворчасці (то-бок потым іх змогуць завочна асудзіць. — Заўв. рэд.)».
Падобнае адбывалася і пасля замежных святкаванняў Дня Волі ў 2024 годзе.